КРАІНА Ў ВЫГНАННІ
КРАІНА Ў ВЫГНАННІ
КРАІНА Ў ВЫГНАННІ
КРАІНА Ў ВЫГНАННІ
05 КРАІНА Ў ВЫГНАННІ
Падзеі ў поствыбарнай Беларусі ўскалыхнулі не толькі саму краіну, але і ўвесь свет — такую дзікую сумесь бессэнсоўнай жорсткасці, страху, любові і надзеі няпроста адшукаць. Гранаты і кулі, кветкі і бела-чырвона-белыя стужачкі. Дзень за днём беларусы былі і застаюцца адзіныя ў сваіх перажываннях, звязаных з тым, што адбываецца. Людзі разам радуюцца поспехам змагання, разам уступаюць у рады валанцёраў для дапамогі палітвязням, разам смуткуюць па загінулых, абураюцца чарговаму бязмежжу.

Эмацыйныя арэлі зараз — звычайнасць для большасці. Адкрываючы раніцамі стужку навін, усе заміраюць у чаканні: што чакае іх сёння?
Ці атрымаецца пасмяяцца над дурасцю прапаганды ці выйдзе толькі знервавацца, што чарговаму незаконна асуджанаму не аддаюць перадачы?

Так ці інакш, абыякавымі ў беларусаў заставацца не выходзіць. У віры перамог і параз варацца ўсе: настаўнікі і працоўнікі, 
прадпрыемцы, лекары, студэнты. Шмат хто быў вымушаны з'ехаць, кінуўшы ўсё, да чаго звыклі. Экстраная эміграцыя, падарожжа ў нікуды без выразнага разумення, што будзе далей. Зараз яны змагаюцца за Беларусь ужо па-за яе тэрыторыяй.

Да гэтых людзей належаць і медыйныя асобы: палітыкі, музыканты, блогеры, акцёры, — якія выкарыстоўваюць усе свае рэсурсы для таго, каб наблізіць краіну да змен. Яны ж — героі дадзенага блока. Паглядзіце на гэтых людзей, і пражывіце з імі эмоцыі з абодвух бакоў змагання: як эйфарыю, радасць і гонар ад лепшых дзён і момантаў, гэтак і боль, здранцвенне, расчараванне.

Аніводная падзея не можа быць стаадсоткава добрай ці стаадсоткава дрэннай, але важна тое, на чым вы канцэнтруецеся. Што рабіць, калі вера ў перамогу імкліва згасае? Сваёй думкай на гэты конт падзяліліся героі на гэтых здымках.
Што б вы сказалі чалавеку, які пачынае страчваць веру ў перамогу?
Што ёсць перамога? Гэта аднаразовая падзея, якая, без сумневу, вельмі важна, пры гэтым гэта ўсяго толькі частка гісторыі, частка жыцця. Насамрэч, мы святкуем перамогі вельмі часта. У асабістым жыцці кожнай і кожнага, у жыцці супольнасці, у рэвалюцыі. Маленькія перамогі вядуць да вялікіх.
Важны не факт перамогі, важна тое, кім мы станем падчас яе дасягнення. І кім мы будзем пасля.
— Наста Базар, фем.- кўір.- нізавая актывістка. Трэнерка, лектарка, спікерка. Арганізатарка імпрэз і стваральніца прастор. Адкрыла "Беларускі Хаб" у Кіеве. Удзельніца фемгрупы КС.
Перамога - гэта паняцце суб'ектыўнае і ад нашага стаўлення да яе і веры не залежыць. Ты можаш верыць у перамогу, можаш не верыць, але яна ўсё адно будзе. Галоўнае, каб перамога ў цябе верыла!
— Дзяніс Дудзінскі, тэлевядоўца і вандроўнік
Калі ў мяне апускаюцца рукі, я падыходжу да люстэрка і кажу: Не сёння!
Здацца і памерці мы заўсёды паспеем.
— Таццяна Мартынава, палітычны блогер, заснавальнік суполкі «Хопіць Баяцца!»
Я б сказаў чалавеку, які ад роспачы распачынае губляць веру ў перамогу, што за цемрай заўсёды настае святло. Так, наша цемра зацягнулася, але тым ярчэй і радасней будзе світанак. Не адчайвайцеся, рабіце ўсе што ў вашых сілах і жывіце па сумленні
— Павел Гарадніцкі, актор, музыка гурта «Разбітае Сэрца Пацана»
Адчуваць, што ты стаміўся — норма. Часам трэба спыніцца і зноў падумаць навошта ты ўсё гэта робіш. Варта памятаць, што ты чалавек, а не салдат рэвалюцыі. Трэба кахаць, усміхацца, вандраваць і бачыцца з сябрамі. Таксама варта памятаць, што такое «Перамога». Перамога — гэта вяртанне палітвязняў дадому, усмешкі на тварах іх бацькоў і родных, вяртанне дадому шматлікіх беларусаў з чужыны і права жыць у свабоднай краіне, за якую змагаліся шмат дзяцей Беларусі, яшчэ калі нас на гэтым свеце не было, і за якую змагаюся зараз і я.
Ліза Пракопчык, актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў і Моладзевага блоку
Адзін разумны чалавек неяк сказаў: "Калі цяжка, помні пра тое, што, калі здасіся, лепш не стане". Гэтак і жывём. Усім цяпер складана. Але шлях у нас толькі адзін.
— Яраслаў Пісарэнка, спартовы журналіст, блогер. Вядоўца канала «Часнок»
Наша роспач, як і адвага — вельмі патрэбныя і важныя адчуванні ў жыцці. Яны непадзельныя. І чым мацней бывае роспач, тым магутней наша адвага. Так што трэба адчайвацца часам... каб перасільваючы сябе, з новай сілай ісці да перамогі...
— Анастасія Шпакоўская, актрыса, лідарка групы Naka
Ты думаеш, боль унікальны? Ты лічыш, што пакуты невыносныя? Ты раствараешся ў роспачы? Падумай! Нашых дзядоў везлі, гналі, як скаціну, у Сібір. Яны выжылі, умацавалі сем'і. Таму што верылі. Нашых дзядоў і бацькоў труцілі саўгасамі і хранічным дэфіцытам усяго. Яны выжылі, захавалі ў сабе чалавечнасць. Таму што верылі.
А мы што? Сорак гадоў блукалі па пустэльні? Не. Жывём без святла і цяпла? Не. Гібеем у голадзе за колкім дротам? Не. Так, мы жывём у эпоху выпрабавання. Мы жывём падчас заходу таталітарызму які загнівае. Гідкага, жорсткага і бессаромнага. Ён згніе, знікне без следу. А мы будзем вольныя. Таму што мы верым у сілы Дабра, у законы Гонару. Таму што Праўда за намі.
— Раманчук Яраслаў, прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтра Мізэса. Палітык, эканаміст. Кандыдат у прэзідэнты 2010

© 2021 Alexander Suschevsky
alexsuschevsky@gmail.com
Made on
Tilda