Турма — месца не толькі для злачынцаў, якія адбываюць пакаранне, але і для тых, хто апынуўся непажаданы дзейнай уладзе.
Часам не трэба рабіць анічога, каб туды трапіць. Часам рэпрэсіўнай машыне проста патрэбна выпадковая ахвяра для застрашвання іншых.
Брыдкае святло слепіць вочы.
З праржавелага крана крапае ледзяная вада. У камеры або няма чым дыхаць, або ад холаду трашчаць косткі — трэцяга не дадзена.
Прэсная ежа, якую не хочацца есці. Кавалак у горла не лезе.
Пад'ём роўна а шостай раніцы з гімнам.
Надакучлівае дзяржаўнае радыё,якое рэдка змаўкае, але штогадзіны паведамляе час. Людзі ў камеры намагаюцца трымацца, спрабуюць жартаваць.
Але ў кожнага ўсярэдзіне ўтойваецца пытанне: колькі мне дадуць? Ці не зойдзе мясцовым катавальнікам заўтра ў галаву пазбавіць нас ежы, забраць матрацы, збіць дзеля забавы?
«Яны» — тутэйшыя гаспадары. «Яны» адчуваюць сваю ўладу і не лічаць патрэбным абыходзіцца з асуджанымі па-людску. Кожную секунду ім хочацца адчуваць, што яны мацней.
У «іх» ёсць дакладнае ўказанне ператварыць тваё жыццё ў самы жудасны на свеце жах. Пазбаўленне лістоў і перадач робіцца яшчэ адным катаваннем.
Людзі ў камеры размяркоўваюць абавязкі.
У кожнага з'яўляюцца свае маленькія рытуалы, асаблівыя турэмныя звычкі. Часам здараюцца істэрыкі — людзі ломяцца.
Але потым яны збіраюць сябе часткамі нанова і імкнуцца верыць, што хутка апынуцца дома ў атачэнні родных і блізкіх.